АДЫГЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група чэркескай падгрупы), блізкая да кабардзінскай мовы. Пашырана ў Адыгеі, а таксама ў Лазараўскім і Туапсінскім р-нах Краснадарскага краю. Мае 4 дыялекты: абадзехскі, бжэдугскі, тэміргойскі (аснова літаратурнай мовы) і шапсугскі.

Паводле ладу аглюцінатыўная мова з рысамі полісінтэтызму. Фанетыка характарызуецца багатай сістэмай зычных (да 70 фанем) і простай — галосных (2 фанемы), сінтаксіс — наяўнасцю эргатыўнай канструкцыі. Пісьменства створана ў 1918 на аснове араб., у 1927 — лац., у 1938 — рус. графікі.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)